ГУК "Щучинская районная библиотека имени Тётки"

костелы

Касцёл Святой Тэрэзы ў Шчучыне

На вул. Савецкай. У 1882 г. Ксаверы Друцкі-Любецкі пачаў будаўніцтва мураванаг касцёла, на які Сцыпіа Дэль Кампа ахвяравала 60 тыс. злотых (або 9000 руб. серабром). Манахі-піяры са свайго фундуша дадалі на будаўніцтва касцёла яшчэ 7500 руб. серабром. Але ўсіх гэтых грошай хапіла толькі на ўзвядзенне фундамента і часткі касцельных сцен. Князь выдзеліў уласныя матэрыялы і работнікаў, а таксама панёс іншыя выдаткі.

У 1837 г. губернскім праўленнем зроблены падлікі: на будаўніцтва касцёла, якое было завершана ў 1829 г., патрачана 21 627 руб. 23 кап., кляштара 25 453 руб. 63 кап. серабром.

Будынак касцёла мае выцягнутую на падоўжнай восі крыжова-купальную кампазіцыю, дамінуючае становішча ў якой займае высокі купал над крыжжам. У дэкоры фасада выкарыстаны асноўныя элементы дарычнага ордэра. На галоўным фасадзе паўкалоны і антаблемент ствараюць матыў дарычнага порціка. Вось сіметрыі галоўнага фасада падкрэслена ўваходным праёмам з сандрыкам, акном у фігурнай ліштве і круглым праёмам на франтоне. Інтэр’ер касцёла двухсветлавы. Бабінец з тамбурамі і хоры над імі аддзелены ад асноўнага памяшкання 2 калонамі. Сцены ў інтэр’еры расчлянёны паўкалонамі і аздоблены па ўсім перыметры шырокім карнізам.

Аўтар праекта касцёла (імя невядома) выкарыстаў “тыпавую схему”, характэрную для культавых пабудоў класіцызму – палучэнні крыжова-купальнага аб’ёму і класічнага порціка; дарычнага ордэра, як асноўнага элемента архітэктурнай кампазіцыі з руставанымі сценамі і паўцыркулярнымі аконнымі праёмамі. У касцёле св. Іосіфа ў г. Ліда, які быў пабудаваны ў 1825 г., таксама можна ўбачыць такую ж аб’ёмна-прасторавую, цэнтрычную капмазіцыю – спалучэнне купала з дарычным порцікам. Аналагічны прыём выкарыстаны пры будаўніцтве сабора Пятра і Паўла ў Гомелі ў 1809-24 гг. Аднак пры агульнай адпаведнасці асноўным кампазіцыйным правілам класіцызму ў касцёле св. Тэрэзы парушаны прапарцыянальнасць і суадносіны асобных яго частак і дэталяў. Так, паўкалоны з трохвугольным франтонам на галоўным фасадзе ўтвараюць матыў дарычнага порціка, васьмігранны купал завяршаецца непрапарцыянальнай вежай. У інтэр’еры паўкалоны нясуць нерасчлянёны антаблемент, які ідзе па перыметры будынка. Такія парушэнні класічных правіл даюць падставу сцвярджаць, што касцёл св. Тэрэзы ў Шчучыне з’яўляецца прыкладам правінцыяльна-класіцыстычнай архітэктуры 1-й паловы 19 ст.

У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў г. Гродна захаваўся акт інвентарызацыі, праведзенай у 1839 г. у Шчучынскім касцёле св. Тэрэзы, які дае апісанне будынка таго часу: “… Касцёл прылягае да кляштара піяраў і фронтам звернуты на ўсход. Пакрыты гонтамі. У купале ёсць дзверы для выхаду на дах. На верхняй частцы купала – васьмігранная вежа з бляшаным дахам, а на яе вяршыні – шар з умацаваным драўляным крыжам. Над уваходам у касцёл знаходзіцца акно, у якім рухаюцца стрэлкі гадзінніка, пакрытыя бронзай, а сам гадзіннік размешчаны ўнутры касцёла ў драўлянай скрынцы. Гадзіннік адбівае кожную гадзіну званкамі, схаванымі пад дахам. Заводзіцца ён з дапамогай свінцовых гіраў, падвешаных на вяроўках. Вышэй над цыферблатам, на гонце, пафарбаванай у чырвоны колер, промні жоўтага колеру, у якіх праглядаюць тры крыжы і надпіс слова “Марыя”. Усяго вокнаў у касцёле 14, з якіх 7 меншых памераў. У касцёле размешчаны 7 алтароў: на першым, галоўным, выява Хрыста на крыжы, на другім – св. Іосіфа, на трэцім – св. Антонія, на чацвёртым – Іосіфа Захавальніка, на пятым – св. Марыі, на шостым – св. Флар’яна, на сёмым – св. Тэрэзы. Яшчэ два алтары знаходзяцца ў капліцах. На сценах касцёла іконы св. Вікенція, св. Даніэля Караля, св. Лукаша, св. Ганны, св. Лазара, св. Роха, Сэрца Хрыста. У левым крыле касцёла, на ўзроўні падлогі, знаходзіцца рашотка, за якой драўляная лесвіца вядзе ў невялікі склеп, прызначаны для пахавання фундатараў гэтага касцёла…” Дакумент дакладна ўказвае колькасць рухомай маёмасці пры касцёле: 76 рыз, 29 покрываў, 56 настольных покрываў, 11 дываноў, 7 харугваў, 18 сярэбраных вырабаў, 18 латунных, 7 медных, 108 цынкавых, 41 хрустальны, 80 драўляных; абрадавых кніг – 26, метрычных кніг – 26 і г.д.

У 1867 г. кляштар быў зачынены, а касцёл стаў парафіяльным. Пасля 2-й сусветнай вайны, у 1954 г., кляштарныя пабудовы перададзены вайсковай часці. У 1946 і 1952 гг. будынак касцёла рамантаваўся, была пабудавана капліца. У 1964 г. ксёндз Пятрашка быў пераведзены ў другі прыход, праз год касцёл зачынілі. Летам 1966 г. маёмасць касцёла вывезлі ў Троіцкі касцёл у в. Ішчална. Невядома куды потым трапілі сярэбраныя падсвечнікі, чашы і іншыя культавыя рэчы са Шчучынскага касцёла. Касцельны арган і прыгожыя венецыянскія вітражы былі разбіты і зламаны. У лютым 1969 г. рашэннем Савета па справах рэлігій пры Савеце Міністраў СССР будынак касцёла перадалі вайсковай часці пад клубам. Вернікі вымушаны былі праводзіць набажэнствы пад адкрытым небам. У 1980 г. выканком Шчучынскага раённага Савета народных дэпутатаў прыняў рашэнне правесці ў касцёле рэстаўрацыйныя работы і прыстасаваць яго пад цэнтр эстэтычнага выхавання моладзі. Толькі ў кастрычніку 1988 г. было дазволена перадаць будынак рэлігійнаму таварыству католікаў для выкарыстання ў культавых мэтах. 6 лістапада 1988 г. з касцёла ў в. Ішчална была вернута маёмасць Шчучынскага касцёла і пачалася рэстаўрацыя будынка: зроблены жалезны дах, гранітная падлога, вітражы ў жалезных рамах, аднавілі галоўны алтар, купілі арган, падвесілі званы. З 1989 г. ў касцёле праводзяцца набажэнствы.

  

Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла ў в. Старыя Васілішкі

Гісторыя каталіцкага касцёла ў цэлым і на Гродзеншчыне асобна ў беларускай гістарыяграфіі распрацавана недастаткова поўна. Значная колькасць аўтараў разглядае развіццё рыма-каталіцкай веры па Заходняй Еўропе, ці займаюцца вывучэннем адной сферы дзейнасці каталіцкага касцёла, але вывучэнню асобнай парафіі надаюць мала ўвагі.

Вёска Старыя Васілішкі знаходзіцца ў Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці, дзе працякая невялікая рачулка Лебяда. Згодна крыжацкім летапісам, на пераломе XIII — XIV стагоддзяў у гэтым раёне былі дзве драўляныя крэгіасці абарончага прызначэння. Адна стаяла на тым месцы, дзе зараз знаходзяцца Старыя Васілішкі, а другая мясцілася праз паўтара кіламетра ад самога мястэчка. Вядома таксама, што праз Васілішкі на Вільно ў 1440 годзе ехаў каралевіч Казімір Вялікі . Мясцовыя жыхары ганарацца такімі фактамі гісторыі, але найбольшае задавальненне яны маюць ад таго, што ў іх вёсцы знаходзіцца вельмі прыгожы і велічны касцёл, гісторыя якога была звязана з адданай ахвярнасцю вернікаў гэтай парафіі.

Парафія ў Старых Васілішках бярэ пачатак у 1473 годзе. Першы драўляны касцёл быў пабудаваны ў 1489 годзе, памеры яго былі невялікія. У 1897 годзе парафія атрымала дазвол ад улад на будаўніцтва новага касцёла. Было вырашана будаваць новы касцёл побач са старым, драўляным касцёлам. Праект новага касцёла быў прадстаўлены польскім архітэктарам Канстанцінам Вайцяхоўскім . У будаўніцтве касцёла прымалі ўдзел усе парафіяне, кожная вёска з парафіі мела вызначаныя дні працы пры касцёле. Некаторыя людзі прыходзілі з іншых парафій, каб дапамагчы ў будаўніцтве храма. Дзякуючы ахвярнай працы парафіян, а таксама грашовым падараванням заможных парафіян Рэхеляў, Бразоўскіх, Іваноўскіх, будаўніцтва касцёла не стаяла на месцы. Вялікі ўклад у будаўніцтва касцёла ўнёс ксёндз-канонік Францішак Сакалоўскі. Ён ездзіў па ўсёй Расійскай імперыі, каб сабраць грошы на будаўніцтва. Быў ён у Архангельску, Петраградзе, Смаленску, а таксама ў Навасібірску і Іркуцку. Будаўніцтва касцёла было скончана ў 1904 годзе. Касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла ўяўляе сабой помнік архітэктуры неаготыкі. Вырашаны паводле канона 3-х нефавай 2-х вежавай базілікі. Архітэктурная кампазіцыя храма падпарадкавана вертыкальнай накіраванасці: тры нізкія гранёныя апсіды пераходзяць у працяглы аб’ём нефа, накрыты высокім двухсхільным чырвоным чарапічным дахам. Трохярусныя вежы маюць гранёныя шпілі, пры сценах уздымаюцца ступеньчатыя контрфорсы. Галоўны фасад вылучаюць вімпергі, стральчатыя запоўненыя арнаментальнымі мудрагелістымі пераплётамі праёмы, і акно-ружа ў цэнтры. Тры ўваходныя стральчатыя парталы ўпрыгожаны скульптурна-барэльефнымі керамічнымі пано.

 

 

Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла і капліца ў аг. Ражанка

На паўночнай ускраіне вёскі. Пабудаваны ў 1674 г. з цэглы і бутавага каменю па фундацыі Паца. У 1827 г. ўзведзены новы храм паводле праекта архітэктара Х. Марконі. Заказчыкам храма выступаў сенатар Каралеўства Польскага Л. Пац. Адлюстраваны на малюнку Н. Орды 1861-77 гг. Перабудаваны ў 1924-25 гг. Капітальна адрамантаваны і адкрыты ў 1990.

Касцёл – адзін з першых твораў архітэктуры рэтраспектыўна-гатычнага стылю на Беларусі. Аднанефавы крыжападобны ў плане храм з больш нізкімі пяціграннай апсідай і крыламі трансепта. Тарцы высокіх двухсхільных дахаў над нефам і крыламі трансепта закрыты ступеньчатымі шчытамі з вуглавымі фіяламі. Да бакавых сцен асноўнага аб’ёму далучаны 2 прамавугольныя ў плане капліцы. Да паўднёва-заходняга вугла нефа прыбудавана трох’ярусная вежа (васьмярык на 2 чацверыках), накрытая васьмігранным спічастым шатром, да нефа з паўночнага боку далучана невялікая сакрысція. Вуглы будынка ўмацаваны контрфорсамі і завершаны дэкаратыўнымі вежачкамі-фіяламі. Вокны высокія, стральчатыя, з узорыстымі вітражамі ў драўляных гатычных пераплётах. У цэнтры галоўнага фасада – круглае акно-ружа, вышэй – арнаментальны пояс і шчыт. Галоўны ўваход аформлены перспектыўным парталам, па баках якога стральчатыя нішы са скульптурамі св. Пятра і Паўла (не захаваліся). Аздобу фасада дапаўняюць вузкія плоскія нішы з трохлопасцевымі арачнымі завяршэннямі і ляпны герб. Маляўнічасць будынку надае спалучэнне цёмнага паліхромнага фона бутавай муроўкі і пабеленых элементаў дэкору: ліштваў, цяг, аркатур, фрызаў.

Унутраная прастора касцёла перакрыта цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі і нервюрамі, крылы трансепта – крыжовымі. Апсіда і крылы трансепта раскрываюцца ў прастору нефа арачнымі праёмамі. Над уваходам на трохпралётнай стральчатай аркадзе – хоры з арачнай балюстраднай агароджай, на якія і вышэй на вежу вядзе вітая лесвіца ў тоўшчы сцяны. У вуглу прэсбітэрыя амбон. Сцены нефа расчлянёны пілястрамі і размаляваны ў верхняй частцы шматфігурнымі кампазіцыямі на біблейскія тэмы.

Перад касцёлам стаяла аркадная званіца, з левага боку – плябанія. Кампактная пабудова кампазіцыі будынка, ажурная пластыка фасадаў, гарманічная сувязь з ландшафтам характарызуюць касцёл як яркі помнік рамантычна-гістарычнага кірунку архітэктуры 19 ст.

    Капліца. У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 19 ст. з цэглы.

Помнік народнага дойлідства. Трох’яруснае цэнтрычнае вежападобнае збудаванне. 1-ы круглы ў сячэнні ярус абмежаваны прафіляваным карнізам, 2-і – чатырохгранны з лучковымі праёмамі, 3-і – круглая вежачка з паўсферычным купалкам і крыжам у завяршэнні. Пад скляпеннем 2-га адкрытага яруса размяшчалася скульптура Хрыста. Ярусы вылучаюцца чарапічнымі адлівамі. У архітэктуры збудавання ўдала падкрэслены вертыкалізм лаканічнай кампазіцыі, што пры адсутнасці дэкору надае ёй пэўныя эстэтычныя якасці.

Касцёл на фотаздымку Яна Балзункевіча, пач. XX ст.


Касцёл Святога Станіслава і капліца ў в. Лядск

У цэнтры вёскі. Пабудаваны ў 1896-1905 гг. з цэглы. Абкружаны бутавай агароджай.

Помнік архітэктуры неаготыкі. Прамавугольны ў плане неатынкаваны аб’ём пераходзіць у ніжэйшую 5-гранную апсіду. Накрыты 2-схільным дахам, які па цэнтры вільчыка і над апсідай фланкіраваны чацверыковымі шатровымі сігнатуркамі-фіяламі. Будынак узняты на высокі цокаль, выкладзены з буйных вапнавых блокаў, на якіх змешчаны імёны фундатараў і ахвяравальнікаў. На галоўным фасадзе ўзвышаецца 2-ярусная званіца (чацвярык на васьмерыку), завершаная высокім шатром. Фасады прарэзаны вітражнымі вокнамі-фіборыўмамі з “ружамі” ў агульных стральчатых, выкладзеных лякальнай цэглай ліштвах; дэкарыраваны аркатурнымі паясамі, круглымі разеткамі-трохліснікамі, раскрапаваны лапаткамі. Галоўны і 2 бакавыя ўваходы аформлены стральчатымі перспектыўнымі парталамі.

Унутры зала размежавана слупамі на 3 нефы, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі. Над уваходным 3-гранным эркерам антрэсоль хораў. Галоўны і бакавыя драўляныя алтары, амбон выкананы ў стылі неаготыкі. Тымпан стральчатай аркі прэсбітэрыя запоўнены сюжэтным роспісам “Хрыстос з прадстаячымі”. Уздоўж сцен навешаны гіпсавыя пано-стацыі на тэму “Хрэсны ход”.

Капліца. На паўднёва-ўсходняй ускраіне вёскі, на могілках. Пабудавана ў 1-й палове 20 ст. з цэглы.

Твор архітэктуры неакласіцызму. Вырашана кампактным прамавугольным у плане аб’ёмам пад вальмавым дахам. Уваход вылучаны масіўным арачным парталам з 2 калонамі і 2-гранным шчытом.

 

Касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар кармелітаў у г.п. Жалудок

У цэнтры г.п. Жалудок (вул. Савецкая). Пабудаваны ў 1854 г. з бутавага каменю і цэглы. Аўтар праекта вядомы архітэктар Караль Падчашынскі – вучоны і тэарэтык позняга класіцызму. Вікарый касцёла Станіслаў Ішора (1838-63) расстраляны 22 мая 1863 г. па загаду М. Мураўёва за патрыятычную прамову падчас набажэнства. Касцёл адлюстраваны на малюнку Н. Орды 1861-77 гг. і фотаздымку Я. Балзункевіча пачатку 20 ст. Дзейнічае.

Першы касцёл быў пабудаваны ў 1940 г. вялікім князем Вялікага княства Літоўскага Казімірам IV. У мястэчку быў драўляны кармеліцкі кляштар, фундаваны ў 1686 г. Казімірам Францкевічам, прыстасаваны ў 1830-я гады пад праваслаўны храм, у 1839 г. – пад лазарэт эстляндскага егерскага палка (не захаваўся).

Касцёл – помнік архітэктуры позняга класіцызму. Прамавугольны ў плане аб’ём з паўкрулай апсідай, сакрысціямі і крыламі трансепта па баках. Храм накрыты двухсхільным дахам з трохвугольным франтонам на галоўным фасадзе, вуглы якога вянчаюць скульптуры-пінаклі з выявай Хрыста і крыжам на вяршыні. З франтонам даху рытмічна спалучаецца франтон масіўнага чатырохкалоннага дарычнага порціка, пад якім знаходзіцца прамавугольны партал увахода і бакавыя арачныя нішы-экседры са скульптурнымі выявамі евангелістаў. Тымпаны абодвух франтонаў запаўняюць гарэльефныя кампазіцыі на біблійскія сюжэты (Хрыстос з дзецьмі, Усёбачнае вока). Сцены апярэзвае масіўны антаблемент, расчлянёны шырокімі пілястрамі з перакінутымі паміж імі аркамі над арачнымі вокнамі ў прафіляваных ліштвах – пабеленыя і атынкаваныя, яны кантрасна вылучаюцца на паліхромнай бутавай муроўцы сцен. У пачатку 20 ст. ў архітэктуры храма з’явіліся некаторыя змены – знята васьмігранная шатровая званіца над галоўным фасадам і такая ж па форме сігнатурка над алтарнай часткай.

Зала касцёла перакрыта кесаніраванай столлю. Пад алтаром – крыпта з пахаваннямі прадстаўнікоў рода Тызенгаўзаў. На бакавых сценах прэсбітэрыя 2 беламармуровыя мемарыяльныя дошкі з барэльефнымі выявамі графіні Г. Тызенгаўз (1822-91) і графа С. Урускага, маршалка шляхты Варшаўскай губерні (1817-90). У фамільным склепе-крыпце папярэдняга касцёла быў пахаваны падскарбі надворны літоўскі А. Тызенгаўз (1733-85). Побач з касцёлам пастаўлена двух’ярусная чатырохгранная бутавая званіца.

Касцёл Святога Антонія Падуанскага ў аг. Каменка

У цэнтры вёскі. Пабудаваны ў 1908 г. з цэглы. Яму папярэднічаў драўляны касцёл, узведзены ў 1580 г. па фундацыі К. Кладзінскага.

Касцёл – помнік архітэктуры неаготыкі. Створаны па канону трохнефавай сіметрычна-восевай базілікі. Яго прамавугольны “карабель” узняты на высокі цокаль і накрыты стромкім двухсхільным дахам, які ўступам пераходзіць у крыху ніжэйшую пяцігранную апсіду з вальмавым пакрыццём, па баках якой невялікія нізкія гранёныя сакрысціі. Перапад высокага двухсхільнага даху нефа і гранёнага пакрыцця апсіды адзначаны вытанчанай сігнатуркай. Двух’ярусная чатырохгранная вежа галоўнага фасада завершана стромкім шатром з юкарнамі на гранях, у ярусе-звоне прарэзана вокнамі-біфорыўмамі, унізе – вокнамі-трыфорыямі. Уваход аформлены стральчастым парталам пад двухсхільным вімпергам, над якім размешчана акно-ружа. Дзверы аздоблены мастацкай арнаментальна-расліннай коўкай. Рэгулярны рытм бакавых фасадаў ствараецца стральчатымі запоўненымі каляровымі вітражамі вокнамі-біфорыўмамі і ступеньчатымі контрфорсамі ў прасценках. Архітэктурная аздоба ўключае аркатурныя і трыльяжныя фрызы.

Зала падзелена на 3 нефы, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі,  характарызуецца прасторавасцю і насычанасцю святла. Галоўны алтар выкананы ў гатычных формах. Каб падкрэсліць гатычнасць храма, архітэктар уводзіць насычаныя чырвоным колерам прафіліроўкі, кантрастна вылучаныя на пабеленых плоскасцях сцен і скляпенняў. Гатычную аўру інтэр’ера дапаўняе арган, роля якога не абмяжоўваецца серабрыстым гукам, ён – супрацьлеглы дэкаратыўны акцэнт галоўнаму алтару, што нават пры маўчанні стварае шматзначны мастацкі эфект.

Каля бакавога фасада адасоблена пастаўлена скульптура мадонны, маштаб якой выразна падкрэслівае грувасткасць гмаху будынка, які ад гэтага супастаўлення ўспрымаецца цыклапічным.

Выгляд папярэдняга драўлянага храма ў пачатку 20 ст., які захоўваўся ў час будаўніцтва новага, вядомы па фотаздымку Я. Балзункевіча. За драўляным плотам, у акаймаванні дрэў стаіць аднанефавы храм пад двухсхільным дахам. Яго фігурны вертыкальна ашаляваны франтон, які ўнізе пераходзіць у казырок-застрэшак, дазваляе меркаваць пра будаўніцтва храма ў 18 ст. і ўплыў на яго народна-этнаграфічнай архітэктуры стылю барока. Пра гэта сведчыць і характэрны залом даху над гранёным алтарным прырубам.