18 мая чытачы Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі ў рамках сумеснага праекту з Народным музеем А. Пашкевіч “Дарога да класіка” з задавальненнем наведалі залы музея, прысвечаныя адной з самых знакамітых беларускіх паэтак мяжы ХІХ — ХХ стагоддзяў – Алаізе Пашкевіч – Цётцы.
Літаратурная экскурсія зацікавіла багаццем матэрыялаў: экспазіцыя“Стала песняй у народзе” перанесла ў час, калі яшчэ сям’я Пашкевічаў шчыравала на роднай зямлі, гадавала дзяцей і марыла пра лепшую долю. Хто ж мог здагадацца тады, што менавіта іх Алаіза, атрымаўшы адукацыю, прыкладзе столькі намаганняў дзеля асветніцкай і рэвалюцыйнай дзейнасці ў сваім краі, дзеля свайго народу. Яе творчыя набыткі неацэнны і сёння: з павагай звяртаемся да яе зборнікаў “Скрыпка беларуская”, “Хрэст на свабоду”, яны вызначаюць ідэі грамадскай справядлівасці і павагі да чалавека. Наколькі смелая і адораная жанчына, наша Цётка! В. Лукша канстатуе гэты факт у сваіх радках:
Не, класікі не паміраюць –
Такі іх бессмяротны род.
Што напісаць Не паспяваюць,
За іх дапісвае народ…
Наступная экспазіцыя пра Шчучыншчыну і Гродзеншчыну літаратурную – “Жыве яе ліра нанова” служыць пацверджаннем таму, што Алаіза Пашкевіч і сення вучыць пераадольваць любыя бар’еры і перашкоды на шляху да сваёй мары аб светлым жыцці! Таму настолькі душэўна і пранікнена гучалі і сення радкі яе вершаў!