ГУК "Щучинская районная библиотека имени Тётки"

20 цікавых фактаў пра Алаізу Пашкевіч

20 цікавых фактаў пра Алаізу Пашкевіч:

1) Змалку не хацела быць хатняй гаспадыняй

Паводле старэйшага брата Войцеха: «Бабка /вучыла/ унучку ручным работам, але яна імі неахвотна займаецца, не мае да іх «ніякае здольнасці». Адзінае што любіла гатаваць — гэта дранікі.

2) Любіла расказваць казкі жахаў і выдумляць містычныя гульні

Любімы занятак у дзяцінстве — гуляць «…у цыганоў, ксяндза-казнадзея ды розных варажбітоў», а таксама палохаць малодшых сясцёр гісторыямі жахаў: «…бывала, як навыдумляе розных страхаў, у якія і сама верыла, — дык дзеці ажно да бабкі ўцякалі на ратунак!»

3) Будучы каталічкай, перавагу аддавала ўніяцтву

«Унія для беларусаў была б крэпкай падпорай, бо лацінскае духавенства ў нас на нішто».

Ёсць звесткі, што яна пераклала на беларускую мову ўкраінскі уніяцкі малітоўнік, але тэкст пакуль не знойдзены.

4) Была вельмі ганарлівая і не прымала чужой дапамогі

Калі ў 7-м класе абамлела ад голаду, то яе аднакласніца Юліяна Мэнке пайшла на хітрыкі: «Мне рабіла асаблівую прыемнасць… класці няўзнак булкі ў пюпітр Алёйзы Пашкевічанкі. Яна спачатку пыталася ў класе, хто гэта…, аднак вінаватая не аказвалася, а класная дама супакойвала яе, што гэта, мусіць, падарунак. Гэтак мы рабілі да сканчэння гімназіі».

5) Дражніла свайго мужа-літоўца — Стэпонаса Кайрыса «гіргуном»

6) Захаплялася рэвалюцыйнай дзейнасцю папа Гапона

Натхнялася яго адозвамі, калі пісала верш «Хрэст на свабоду». Для параўнання, у Гапона: “Бомбы и динамит, террор единичный и массовый над твоим отродьем и грабителями бесправного люда, народное вооруженное восстание, — все это должно быть… непременно. У яе: «Тагды Гапон у грамаду бяжыць, крычыць: «Трэба ладу, трэба шроту, бомбаў, стрэльбаў, трэба біць нам гэтых шэльмаў..!»

7) Ад царскага пераследу хавала рэвалюцыянераў у вар’ятні

Працавала медсястрой ў Нова-Вілейскім шпіталі для вар’ятаў, у палатах якога хавала паплечнікаў па барацьбе. А ў падземным тунэлі трымала шапірограф, на якім друкавала пракламацыі.

8) Была прафесійнай масажысткай

Масажам зарабляла на ўрокі акторскага майстэрства, якія брала ў легендарнай польскай акторкі Ірэны Сольскай.

9) Грала ў п’есах Антона Чэхава

Выступала як акторка ў трупе Ігната Буйніцкага, дзе сярод шматлікіх сцэнічных вобразаў: «…рыхтуе ролю Наталкі ў спектаклі „Сватанне“ па Чэхаву…»

 

10) Не трывала алькагольныя застоллі

Адзін раз у жыцці дазволіла, каб пры ёй пілі, калі адзначалі выхад першага нумару «Нашай долі». Паводле ўспамінаў Францішка Умястоўскага: «…Не ведаю, скуль узялася гарэлка і закуска, наліўшы чаркі, нягледзячы на косыя погляды Цёткі, якая не цярпела п’ючай кампаніі, мы духам асушылі іх за Будучыню Бацькаўшчыны…»

11) Любімы адпачынак — марыць і частавацца каўбасой пад спевы салаўёў

Па ўспамінах украінскага навукоўцы Івана Свянціцкага: «Цётка прыходзіць да мяне ў музей, ужо надвечар: „Дзядзька, пойдзем слухаць салаўёў, у мяне ёсць беларуская кілбаса“. Пайшлі ў… парк, знайшлі месца каля гайка, людзі снуюць парамі і гуртамі, салавейкі тут і там цёхкаюць і заліваюцца. Цётка глядзіць у зорнае неба, жуе кілбасу і марыць».

12) Захаплялася творчасцю Мікеланджэла

Паводле ўспамінаў жонкі паэта Ёнаса Білюнаса: «Вельмі вялікае ўражанне на нас з Лізаю зрабілі „Піета“ Мікеланджэла, якую мы бачылі ў саборы святога Пятра, фрэскі плафона Сыкстынскай капэлы ў Ватыкане. Асабліва запомніліся „Страшны суд“, „Сатварэнне Адама“, „Сатварэнне жанчыны“. … Моцна запала ў памяць і скульптура прарока Майсея ў царкве Сан П’етра ў Рыме».

13) Мела кепскія здольнасці да моваў, што выклікала камічныя непаразуменні

У Рыме, на канцэрце Каруза: «…усе елі апельсіны, цукеркі, кідалі паперу і шалупінне на падлогу, хрумсталі, перашкаджалі слухаць. Ліза не вытрымала, пачала абурацца, сарамаціць іх, але мовы не ведала і рабіла гэта мімікаю і жэстамі. Жэсты былі эмацыйныя, выразныя, і гэта развесяліла публіку яшчэ больш. Хлопцы пачалі частаваць Лізу апельсінамі, каб яна не пакрыўдзілася… Ліза злавалася, гразіла ім кулаком, але нічога не памагала…»

14) Пачуўшы песню пра каханне, гатовая была стаць на калені перад тым спеваком

«Мы… селі ў трамвай. Насупраць нас… аказаўся малады прыгожы італьянец. Убачыўшы нас, ён пачаў спяваць песні аб каханні. Спявае і ўсё глядзіць — як мы рэагуем. Спяваў ён вельмі добра, і скора Ліза прыйшла ў такое захапленне, што пачала шаптаць мне: „Зараз стану перад ім на калені, перад яго талентам…“ … Тут хутка трамвай спыніўся, і італьянец, паслаўшы нам развітальны позірк, выйшаў…»

15) З усімі была на «ты»

«…Сваёй манерай паводзін яна не ўжывалася ні ў якім таварыстве, звяртаючыся да мужчын „ты, дзядзенька“. Часамі яе праставатасць здавалася напускною, бо ад прыроды ў яе была тонкасць паводзін».

 

16) Жыла з мужам у розных пакоях

Паводле ўспамінаў Паўліны Мядзёлкі: «У мяне склалася ўражанне, што Цётка з’яўляецца хутчэй кватаранткай, чымся гаспадыняй у сваім доме. Яна займала асобны пакой, вельмі просценька абсталяваны… Прымала яна… толькі ў гэтым пакоі… Здавалася, што Цётка з мужам жылі кожны сваім асобным жыццём…»

17) Танцавала толькі з Янкам Купалам

«Яна… асабліва любіла свайго „Купалку“, як ласкава называла Янку. На вечарах у „Беларускай хатцы“ Цётка… танцавала… толькі з Купалам і толькі польку, бо іншых танцаў Янка не ўмеў танцаваць і вучыцца не хацеў».

 

18) Пачынальніца ў Беларусі асацыятыўна-мадэрновай прозы, дзе галоўнае — не сюжэт, а паглыбленне ва ўнутраны, не да канца асэнсаваны, таемны, як сон — свет пачуццяў і думак чалавека

Пазней гэтую эстэтыку паглыбіў і распрацаваў Кузьма Чорны.

19) Марыла ажаніць Івана Луцкевіча

Нявестай яму бачыла Юліяну Мэнке: «…маё сардэчнае пажаданне, каб вы злучыліся на ўсё жыццё, бо лепшай пары я для яго не ведаю. Ён для цябе мае запраўды шмат сэрца і інтарэсу… Я спадзяюся, што яшчэ пагуляю на вашым вяселлі!»

20) Лічыла, што галоўнае ў жыцці — гэта каханне

«…запраўднае каханне — змест і асалода жыцця!»