ГУК "Щучинская районная библиотека имени Тётки"

Біяграфія Алаізы Пашкевіч:

Нарадзілася Алаіза 3 (15) ліпеня ў цяперашнім Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці; тады, у 1876 годзе, гэта быў Лідскі павет Віленскай губерні Расійскай Імперыі.

Паходзіла будучая пісьменніца са шмаддзетнай шляхецкай сям’і – у яе было два браты і тры сястры.  Напэўна, усё сваё жыццё Цётка вучылася: спачатку дома, потым у Віленскім прыватным вучылішчы, пасля якога нейкі час працавала хатняй настаўніцай, пакуль не з’ехала ў 1902 годзе ў Санкт-Пецярбург. У сталіцы дзяўчына наведвала вышэйшыя адукацыйныя курсы Лесгафта, дзе атрымала веды па педагогіцы, батаніцы і медыцыне, якія потым вельмі дапамаглі ёй у жыцці.

Менавіта падчас свайго жыцця ў Пецярбургу Алаіза пачала друкаваць уласныя вершы, напісаныя пад уплывам гуртка студэнтаў-беларусаў «Круг беларускай народнай прасветы», у якім актыўна ўдзельнічала. Галоўнымі мэтамі гуртка былі нацыянальнае вызваленне беларусаў, сацыяльнае вызваленне працоўных і актыўная барацьба з царызмам.

Пад выглядам фальклорнага зборніка ў 1903 годзе выйшла кніжка Пашкевіч «Песні», дзе побач з творамі Францішка Багушэвіча змешчаны яе верш: «Мужыцкая доля» пад псеўданімам Банадысь Асака.

У наступным годзе Алаіза, не скончыўшы курсаў, пераехала ў Вільню, дзе працавала фельчарам і ў той жа час працягвала прапагандысцкую дзейнасць, якая ў выніку вымусіла яе, каб пазбегнуць суду, эміграваць у Аўстра-Венгрыю (цяпер – Галіцыя).

У Львоўскім універсітэце яна атрымала гісторыка-філалагічную адукацыю, а таксама выступала вольнай слухачкай філасофскага факультэта. Там жа Пашкевіч надрукавала дзіцячую чытанку «Гасцінец для малых дзяцей», якую пераклала з украінскай мовы. Неўзабаве ў 1906 годзе выйшлі і два невялічкія зборнікі вершаў: «Скрыпка беларуская» і «Хрэст на свабоду», абодва пад псеўданімамі (Гаўрыла з Полацка і Гаўрыла адпаведна).

Пад чужым пашпартам Пашкевіч наведвала радзіму, дзе прымала ўдзел у выпуску першай беларускай газеты «Наша доля»: там надрукавалі яе апавяданне «Прысяга над крывавымі разорамі».

У 1908-09 гадах Алаіза, якая перанесла хваробу на сухоты, жыла ў Кракаве, дзе вучылася на гуманітарным аддзяленні ў Ягелонскім універсітэце і была членам рэвалюцыйнай арганізацыі моладзі ўніверсітэта. Там жа зацікавілася тэатрам і атрымала навуковую ступень, выканаўшы працу «Батлейкі на Беларусі і іх сувязь з польскай драматычнай літаратурай». У 1911 годзе разам з будучай жонкай Янкі Купалы Уладзіславай Станкевіч стварыла некалькі нелегальных беларускіх школ у Лідскім павеце і Нова-Вільні.

Шлюб з літоўскім інжынерам Сцяпонасам Кайрысам дазволіў ёй, змяніўшы прозвішча, легальна вярнуцца ў Вільню. Там яна прымала акрыўны ўдзел у культурным жыцці горада, іграла ў тэатры.

Падчас Першай сусветнай вайны працавала сястрой міласэрнасці. Калі ў 1916 годзе памёр бацька Пашкевіч, Алаіза прыехала на яго пахаванне, дзе сама заразілася тыфам, які лютаваў у той час на Лідчыне. Пайшла з жыцця паэтэса 5 лютага 1916 года і была пахаваная на могілках у родным Старым Двары.