ДУК “Щучынская раённая бібліятэка імя Цёткі” 3 лістапада вітала ўсіх, хто адазваўся на запрашэнне адзначыць 140 гадавіну нараджэння Якуба Коласа. Літаратурна-музычная гасцёўня “Нясумная класіка або юбіляры 2022 года” была прысвечана выхаду ў свет кнігі “Табой я жыў, табой жыву…”: пра жонку Якуба Коласа” (укладальнікі Васіліна Міцкевіч, Вера Міцкевіч).
Пра што кніга?! Гэтае выданне – фактычна мастацкі партрэт жонкі Коласа, яго самога і тых блізкіх, што дапамаглі раскрыцца таленту пісьменніка.
Вобраз Канстанціна Міцкевіча, бацькі і мужа, быў бы няпоўны, калі б не выхад у свет гэтай кнігі, і якая прысвечана жонцы паэта – Марыі Дзмітрыеўне.
Штосьці з таго, што ўдалося сабраць пад адной вокладкай – вершы і лісты Я. Коласа да жонкі, пісьмы Марыі Дзмітрыеўны, успаміны пра яе, дакументы, прысвячэнні, фотаздымкі, – у свой час было ўжо надрукавана ў розных выданнях, а некаторыя рэчы прадстаўлены ў гэтай кнізе ўпершыню.
Сімвалічнай і не такой простай аказалася “Стужка часу” ў “Маім запавеце” Коласа. Але яна адразу столькі значнасці надала лічбе 140!
“Урок высокага пачуцця” раскрыў тайну кахання Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча з адзінай жанчынай, якая на ўсё жыццё стала яго зоркай, натхненнем, спадзяваннем, шчасцем. Абставіны іх сустрэчы так і заставаліся доўгі час таямніцай для ўсіх… І тыя самыя першыя вершы пра каханне, якія ён пісаў дзеля яе… Толькі адзіны верш з той рукапіснай кніжачкі мы можам сёння чытаць, гэта верш “Дзяўчыне”. А пра каханне ў Коласа вершаў вельмі мала.
Чыталіся і лісты з асабістай сямейнай перапіскі ваеннага часу. Не зусім прывыча было столькі пяшчотных прызнанняў, столькі цёплага клопату адзін пра аднаго.
Цікавы матэрыял у кнізе сабраны па ўспамінах дзяцей і ўнукаў сям’і Міцкевічаў. Дзелячыся сваімі ўспамінамі, яны сцвярджаюць, што быць жонкай паэта-генія не так і проста. Што ў сям’і значыліся чыстыя і даверлівыя ўзаемаадносіны. Пра гэта ж зноў пісаў Колас у сваіх вершах, якія з задавальненнем чыталі старшакласнікі СШ1 і гімназіі горада.
Упрыгожаннем мерапрыемства сталі выступленні артыстаў РДКіНТ лірычныя кампазіцыі пра родную зямлю – гэта працяг славутага Коласа.