Палац Друцкіх-Любецкіх у Шчучыне
На паўночнай ускраіне Шчучына, на месцы былога памешчыцкага маёнтка. Будаўніцтва пачалося ў канцы 19 ст. паводле праекта архітэктара Тадэвуша Раствароўскага. Па розных прычынах расцягнулася на дзесяцігоддзі. У кастрычніку – лістападзе 1939 г. большая частка маёмасці была вывезена. Пасля Вялікай Айчыннай вайны тут размяшчаўся ваенны гарадок. Будаўніцтва яго значна сказілі архітэктурна-планіровачны ансамбль і непасрэдна сам палац.
Таямніцы шчучынскага палаца. Доўгі час лічылася, што гісторыя шчучынскага палаца добра вядома. Але ў 1993 годзе ў польскай гістарычнай літаратуры з’явіліся новыя звесткі пра яго. У артыкулах польскага гісторыка культуры Рамана Афтаназы змешчаны ўспаміны сына апошняга ўладальніка рэзідэнцыі – князя Яна Друцкага-Любецкага і яго сястры Яніны Скуржаўскай-Агіньскай, якія жылі ў Нью-Йорку.
Аўтар лічыць, што палац захаваўся з часоў Сцыпіёнаў, якія валодалі Шчучынам у 18 ст. З 1742 г. Сцыпіёны вялі ў мястэчку вялікае будаўніцтва. Акрамя палаца яны пабудавалі шпіталь, прытулак, калегіум піяраў, шэраг адміністрацыйных і гаспадарчых пабудоў. Палац захаваўся да цяперашняга часу, як і шэраг фальварачных пабудоў з тарцовымі сценамі, упрыгожанымі порцікамі. На думку даследчыкаў, гэта больш позні будынак. Яны лічаць, што стары сядзібны дом, папярэднік даследуемага аб’екта, мог размяшчацца непадалёку ад тракта з Вільні ў Ражанку, каля сучаснага ўезда ў горад з боку аўтавакзала. Прычым уязная алея хутчэй за ўсё была перпендыкулярна гэтаму накірунку, гэта значыць, праходзіла з захаду на ўсход. Такім чынам, стары сядзібны дом, калі ён размяшчаўся прыкладна там, дзе палац, павінен быў быць арыентаваны галоўным фасадам на захад.
Новы гаспадар сядзібы – князь Францыск Друцкі-Любецкі не мог, на нашу думку, унесці хоць якія-небудзь змены ў яе аблічча. Па-першае, ён жыў у Варшаве, дзе выконваў абавязкі міністра фінансаў Царства Польскага; па-другое, асноўныя яго рэзідэнцыі былі на нашай тэрыторыі ў Гродне (палац у Станіславове і палац у Панямуні), Чарлёне і ў Луніне Брэсцкай вобласці; па-трэцяе, ён памёр у 1846 г., а яго сын ад апошняга шлюбу Аляксандр жыў у Гродне, дзе быў старшынёй дваранскага сходу, унук жа Уладзіслаў князь Друцкі-Любецкі (1864-1913) быў уладальнікам Ляхавіч і жыў у Вільні і Санкт-Пецярбургу да сваёй жаніцьбы ў 1890 г. Хоць нельга адмаўляць, што змены ў маёнтку Шчучын адбываліся, але яны насілі хутчэй эканамічны характар і праводзіліся эканомам, які, верагодна, і жыў у старым доме Сцыпіёнаў.
Уладальнік Шчучына князь Уладзіслаў Друцкі-Любецкі ажаніўся ў 1890 г., яго жонкай стала Марыя з Замойскіх, княгіня Друцкая-Любецкая (1868-1939). Ранейшая рэзідэнцыя ў Ляхавічах не магла задаволіць маладую сям’ю, а больш прыдатныя сядзібы, напрыклад, Станіславова ў Гродне, атрымалі ў спадчыну іншыя прадстаўнікі сям’і Друцкіх-Любецкіх. Рашэнне пра будаўніцтва новай загараднай рэзідэнцыі было прынята хутчэй за ўсё ў 1894 г. пасля нараджэння Яна Друцкага-Любецкага, а можа і раней. У 1893 г. князь з жонкай жылі ў вялікім асабняку ў Вільні на Антаколі.
Менавіта ў Вільні хутчэй за ўсё і адбылося знаёмства князя Уладзіслава Друцкага-Любецкага і аўтара праекта віленскага архітэктара Т. Раствароўскага. Пра тое, што менавіта Т. Раствароўскі з’яўляўся праектантам рэзідэнцыі ў Шчучыне, сведчыць у 1923 г. прафесар Ю. Клос. Ён крытычна адносіцца да творчасці архітэктара, трактуе яе як “маскальскую безгустоўнасць”: пабудаваў грувасткі палац для князя Друцкага-Любецкага і нават умешваўся ў тварэнне Марконі ў бліжэйшым Жалудку.
Т. Раствароўскі (1862-1928) вучыўся ў 1876 г. у імператарскай Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Санкт-Пецярбургу па спецыяльнасці архітэктура і жывапіс (у той час ва ўніверсітэце вучыўся нейкі час і Уладзіслаў Друцкі-Любецкі). Ён быў аўтарам многіх праектаў: будынак упраўлення палескай чыгункі ў Вільні на Пагулянцы, гасцініца па вул. Міцкевіча ў Вільні, прыходскі касцёл у Літве і іншыя пабудовы ў Вільні. Дзякуючы запіскам прафесара Ю. Клоса мы даведаліся і пра яго іншыя работы: рэзідэнцыя ў Раклішках, рэстаўрацыя капліцы ў Вялікім Мажэйкаве, рэзідэнцыя ў Лынтупах, перапрацоўка праекта Марконі для Жалудка і інш.
Такім чынам, мы можам зрабіць выснову, што рашэнне пра будаўніцтва рэзідэнцыі ў Шчучыне было прынята ў 1892-95 гг. паводле праекта архітэктара Т. Раствароўскага. У гэты час была пракладзена вузкакалейка ад ст. Ражанка, па якой дастаўлялі матэрыял, які не выраблялі на месцы.
Па невядомых аўтару прычынах рэзідэнцыя ў Шчучыне будавалася марудна, магчыма, гэта было звязана з тым, што ў канцы 19 ст. князь Уладзіслаў Друцкі-Любецкі доўга хварэў. Па нашых меркаваннях, рэзідэнцыя ў Шчучыне магла быць завершана ў 1900 г. Раман Афтаназы ў сваім артыкуле пісаў, што “…да 1914 г. палац толькі пачыналі абустройваць”. Тут гаворка ідзе ў асноўным пра ўпарадкаванне інтэр’ераў. Хаця і фасады перарабляліся: так, закладзеныя, відавочна, па праекту балконы не паспелі да пачатку 1-й сусветнай вайны забяспечыць каванымі балюстрадамі, таму ад іх у 1920-я гады адмовіліся.
Верагодна, пасля смерці ў 1913 г. князя Уладзіслава Друцкага-Любецкага сям’я не змагла працягваць будаўніцтва і аздабленне інтэр’ераў. Палац у Шчучыне не вельмі пацярпеў у час 1-й сусветнай і грамадзянскай войнаў. Відаць, толькі пасля вяртання апошняга ўладальніка Шчучына князя Яна з ваеннай службы (каля 1921) было прадоўжана будаўніцтва і аздабленне палаца. Тут можна адзначыць пасляваенную разруху 1921-25 гг., якая закранула таксама і князёў Друцкіх-Любецкіх і магла таксама зацягнуць працэс канчатковай аддзелкі.
Гісторыка-архітэктурны аналіз палаца бліскуча правёў Раман Афтаназы, і нам толькі застаецца яго працытаваць у перакладзе.
Двухпавярховая мураваная рэзідэнцыя была пабудавана ў выглядзе шырокага прамавугольніка на высокім мураваным цокалі. З агульнага аб’ёму лёгка вылучаюцца з боку галоўнага фасада тры ўзаемазвязаныя аб’ёмы. Сярэдні (цэнтральны), адсунуты злёгку ўнутр аб’ём, быў ніжэй бакавых і ствараў на галоўным фасадзе порцік з дзвюма калонамі іанічнага ордэра, якія фланкіруюць галоўную вось фасада. Частка фасада, замкнёная порцікам, мела на ніжнім паверсе шырокія ўваходныя дзверы, а па баках яшчэ больш шырокія, амаль квадратныя вокны. Верхні паверх унутры порціка мае такія ж па шырыні, але больш нізкія вокны. Сцяна ўнутры порціка была расчлянёна вертыкальна 4 пілястрамі. Дзвярныя і аконныя праёмы мелі налічнікі. Калоны падтрымлівалі бэльку, пакрытую лепкай, у цэнтральнай частцы яна завяршалася закругленай сценкай, якая прызначалася для гербавага шчыта. Па меркаванні Р. Афтаназы, першапачаткова прадугледжваліся балконы на кансолях з галоўнага (два), з бакавых (па аднаму) і з паркавага (два) фасадаў, якія павінны былі мець каваныя агароджы. Мы ж пакуль сумняваемся ў тым, што на паркавым фасадзе былі прадугледжаны балконы, ва ўсякім выпадку – два. На наш погляд, унутраная планіроўка хутчэй гэтаму супярэчыць. Пакаты бляшаны дах быў абгароджаны балюстрадным атыкам, а масіўны карніз аздоблены прафіляванай лепкай.
Унутраная планіроўка рэзідэнцыі мела нерэгулярны характар. Жылыя памяшканні ў асноўным групаваліся ўздоўж галоўнага і двух бакавых фасадаў, а з паркавага фасада размяшчаліся парадныя памяшканні. У левай частцы пабудовы знаходзіўся калідор, які раздзяляў памяшканні. Цэнтральную частку будынка займаў вялікі хол, дзе сцены былі аздоблены дубам. Гэта памяшканне абагравалі 2 вялізныя печы і вялікі камін. З левага боку ад хола знаходзілася слабаакцэптаваная аднапралётная лесвіца на другі паверх, зробленая з дубу, пад якой размяшчалася ванна. Каля лесвіцы знаходзіўся і ўваход у адно з чатырох памяшканняў тарцовай часткі – “малы салон”.
З хола быў уваход у “вялікі салон” з трыма porte-fenetres, дзвюма вялікімі кафлянымі печамі і камінам. Столь яго ўпрыгожваў жырандоль венецыянскага шкла, а ў салоне стаялі 2 вялікія бехштэйнаўскія раялі і піянола.
Мэбля, як сведчаць апошнія ўладальнікі, належала да розных стыляў. Памяшканні ўпрыгожвалі партрэты і жывапіс, са скульптуры – мармуровая Леда невядомага аўтара. На першым паверсе амаль усю правую частку паркавага фасада займала сталовая, сцены якой былі ўпрыгожаны партрэтамі каралёў, а ў сервантах захоўвалася фамільнае серабро і французскі фарфор. Жылыя пакоі мелі больш сучасную мэблю.
Р. Афтаназы адзначыў, што бібліятэка і архіў размяшчаліся ў “асобным будынку, які знаходзіўся ў парку і належаў да ранейшага ансамбля сядзібы”. Пабудова (цяпер там сталовая) узведзена ў 2-й палове – канцы 19 ст. У бібліятэцы Музея Чартарыйскіх у Кракаве, дзе захоўваюцца дакументы архіва Друцкіх-Любецкіх (у іх уваходзіць і архіў Сцыпіёнаў), не выяўлены матэрыялы па гісторыі шчучынскага палаца.
Сядзібна-паркавы комплекс у в. Вялікае Мажэйкава
Сфарміраваны ў канцы 18 – пачатку 19 ст. на паўночнай ускраіне вёскі пры ўладарах Хадкевічах. У 19 ст. ў якасці залога маёнтак знаходзіўся ў руках маршалка Францішка Дуніна-Раецкага. У канцы стагоддзя маёнтак набыў граф Ст. Грабоўскі. У 1920-30-х гг. маёнткам валодала Стафанія Верашчака, сястра памёршага ў Парыжы графа Грабоўскага. Комплекс уключаў сядзібны дом (згарэў падчас ваенных дзеянняў 1914), флігель з левага боку, парк, абкружаны з трох бакоў пладовым садам (шырыня 40 м) і мураванай агароджай, бровар (пабудаваны ў 1890), лямус і іншыя гаспадарчыя пабудовы. Па падоўжанай планіровачнай восі перад сядзібным домам быў парадны партэр, на які праз мост паміж двума штучнымі прамавугольнымі сажалкамі вяла ўязная алея. За домам кампазіцыйную вось завяршала мураваная капліца-пахавальня (не захавалася), у паўночна-ўсходняй частцы парку знаходзілася мураваная альтанка-ратонда (не захавалася). Выгляд сядзібы з боку пад’язной дарогі вядомы па малюнку Н. Орды.
Сядзібны дом – прамавугольны ў плане аднапавярховы будынак у стылі класіцызму, пад вальвамым з заломам дахам. Франтальны фасад па восі сіметрыі быў вылучаны калонным порцікам.
Мураваны аднапавярховы прамавугольны ў плане флігель (не захаваўся) таксама быў вырашаны ў формах класіцызму, меў вальмавы дах з заломам. Флігель пры бровары – прамавугольны ў плане будынак пад паўвальмавым дахам. Франтальны фасад вылучалі 2 чатырохкалонныя порцікі.
У паўночнай частцы сядзібы быў лямус, пабудаваны ў стылі народнага дойлідства. Уяўляў двухпавярховы квадратны ў плане будынак пад шатровым дахам, першы паверх мураваны, другі драўляны. З двух бакоў на ўзроўні другога паверха будынак апяразвае галерэя-падценне на слупах.
Сядзіба Іваноўскіх у аг. Галавічполе
На паўднёва-ўсходняй ускраіне вёскі. Пабудавана ў 1909 г. з цэглы. Цяпер у будынку размешчана Васілішкаўская школа-інтэрнат.
Дом вырашаны ў стылі “гатычнага мадэрна”. Г-падобны ў плане будынак асіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі ўзняты на высокі цокаль з вапнавых блокаў. Складаецца з адна- і двухпавярховых крылаў, накрытых высокімі чарапічнымі дахамі. Складаная аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя пабудавана на ступеньчатым нарастанні аб’ёмаў, завершаных востраканцовымі шчытамі, гранёнымі шатрамі, пластычнымі чарапічнымі дахамі, слыхавыя вокны якіх таксама аформлены спічастымі шчытамі. З архітэктурнага арсенала мінулага выкарыстана толькі форма гатычнага стральчатага праёма. Увесь жа архітэктурны дэкор зведзены да жорсткай геаметрыі лінейных паясоў, ліштваў вокнаў, контурных стужак аб’ёмаў. Пара прамавугольных акон франтальнага фасада дэкарыравана паўкруглымі керамічнымі каляровымі пано характэрнага мадэрновага арнаменту. Характэрны для мадэрна і плаўны цякучы малюнак лінейных стужак металічных пераплётаў агароджы бакавой тэрасы. У дэкоры выкарыстаны фігурныя люкарны, спічастыя шчыты, пінаклі, гранёныя эркеры з шатровымі завяршэннямі. Дэкаратыўнае вырашэнне фасадаў заснавана на кантрастным спалучэнні чырвонага фону цаглянай муроўкі з атынкаванымі і пабеленымі архітэктурнымі дэталямі – ліштвамі вокнаў, карнізамі і рустоўкай. Гарызантальныя паясы, абрамленні праёмаў, дэкаратыўная рустоўка вуглоў ствараюць на плоскасці фасадаў складаны геаметрычны малюнак. У аздабленні фасадаў выкарыстаны балкончыкі, металічныя каваныя рашоткі агароджаў балконаў і тэрас, паліваная кафля з раслінным малюнкам. Планіроўка дома калідорная, пад ім скляпеністыя сутарэнні.
Ад дома на поўнач да капліцы вяла таполевая алея, далей яна пераходзіла ў шчыльную хваёвую алею ў полі. Раней вакол сядзібы размяшчаўся парк плошчаю 18 га, ад якога сёння засталіся толькі фрагменты. У дальняй частцы парку знаходзілася некалькі сажалак. У парку налічвалася каля 50 відаў розных парод дрэў, сярод якіх граб, ліпа крымская і амерыканская, ясень звычайны плакучы, таполя, лістоўніца еўрапейская і інш. З усходняга боку сядзібнага дома сярод хваёвага масіву размешчаны гаспадарчыя пабудовы.
Палацава-паркавы ансамбль у г.п. Жалудок
За 1 км на захад ад г.п. Жалудок. Сфарміраваны ў пачатку 20 ст. пры князю Л.Р. Святаполк-Чацвярцінскім, якому належаў да 1939 г. Палацава-паркавы ансамбль – характэрны помнік архітэктуры эклектыкі, у якім спалучаюцца рознастылёвыя пабудовы – неабарочны палац, флігель, які імітуе партатыўны сярэдневяковы замак, неагатычная капліца, рамантычныя мураваныя млын і кузня, этнаграфічныя свіран і шынок пры ўездзе, усе будынкі аб’яднаны рэгулярным “французскім” паркам са шматгадовымі алеямі. Прамая ўязная алея злучала княжацкую рэзідэнцыю з цэнтральнай плошчай паселішча, на якой стаялі гандлёвыя рады. Ад папярэдняй сядзібы Р. Тызенгаўза ў глыбіні парку захавалася лаўка, якая была высечана з цэльнай гранітнай глыбы і мела гравіраваную дату “1823”.
Палац пабудаваны ў 1908 г. у стылі неабарока паводле праекта архітэктара У. Марконі (1848-1915). Двухпавярховы будынак накрыты ламаным (мансардавым) дахам з авальнымі слыхавымі вокнамі. Велічная кампазіцыя асацыіруецца з барочнымі прататыпамі 18 ст., узбуйненыя архітэктурныя аб’ёмы набылі плаўныя абрысы, пластычную форму. Франтальныя фасады раскрапаваны глыбокімі прамавугольнымі бакавымі і авальным цэнтральным рызалітамі з аўтаномнымі шатровымі пакрыццямі з заломамі. Парадны ўваход вылучаны балконам на 4 парных калонах, з боку дваровага фасада яму адпавядае высокі шкляны вітраж параднай лесвіцы, таксама з балконам. Паміж рызалітамі дваровага фасада – балюстрадная тэраса з бакавымі акруглымі сходамі, на якую выходзілі парадныя памяшканні першага паверха. У дэкоры фасадаў выкарыстаны фігурныя ліштвы і авальныя люкарні, картушы і гірлянды, скульптурна-геральдычная кампазіцыя над уваходным рызалітам. Да буйных архітэктурных форм дададзены лёгкія элементы ракайльнага дэкору – авальныя панэлі, вазы, картушы, гірлянды, высокія панэлі, фігурныя ліштвы, рустоўка. У інтэр’еры будынка ў цэнтральнай частцы размешчаны вестыбюль з параднай лесвіцай і бальная зала над ім. Пад будынкам – скляпеністыя сутарэнні.
Маляўнічасць архітэктурнага ансамбля ўзбагачае флігель, узведзены ў форме партатыўнага “гатычнага” замка. Аднапавярховы, прамавугольны ў плане аб’ём, да якога з тарцовага боку далучана цыліндрычная шатровая вежа. Сцены з бутавага каменю члянёны стральчатымі аконнымі праёмамі, уваход вырашаны ў выглядзе гатычнага партала.