ГУК "Щучинская районная библиотека имени Тётки"

История библиотеки

Гісторыя бібліятэк Шчучыншчыны

Дакументальныя сведчанні аб існаванні бібліятэк на  Шчучыншчыне адносяцца да ХVIII ст., да часу заснавання школы піяраў.

У 1718 годзе ўладальнік  Шчучына Ежы Юзафовіч-Хлябіцкі запрасіў да сябе манахаў каталіцкага Ордэна Піяраў.

Яшчэ ў 1621 годзе закон піяраў даў урачысты зарок: беднасць, чысціня духу, паслушэнства і бясплатнае навучанне моладзі. Школы пабожныя, якія яны адкрывалі, былі бясплатнымі, даступнымі ўсім дзецям без увагі на іх сацыяльны стан, веравызнанне і расавую прыналежнасць. У піярскіх калегіумах, у адрозненне ад езуіцкіх, больш увагі надавалі грамадзянскаму і патрыятычнаму выхаванню. Утрымліваліся школы на сродкі, што паступалі з зямельных уладанняў, і ахвяраванні фундатараў. 15 манахаў ордэна размясціліся ў Шчучыне пры парафіяльным касцёле і 13 чэрвеня 1718 года адчынілі школу. У 1726 годзе сейм пацвердзіў заснаванне ў Шчучыне калегіума піяраў і ўсе фундацыі яму ад Юзафовіча-Хлябіцкага і яго дачкі Тэрэзы, якая пасля смерці бацькі апекавала калегіум. Пазней піяры атрымалі іншыя значныя ахвяраванні, у прыватнасці ад Пацаў, Сапегаў, Друцкіх-Любецкіх і інш.

Шчучынскі калегіум адносіўся да Літоўскай правінцыі ордэна піяраў і лічыўся адным са значных. Некаторы час тут працавала семінарыя для ордэнскай моладзі (ці навіцыят), дзе выкладалі нават усходнія мовы. У 1755 годзе калегіум узначальваў рэктар Лукаш Расоцкі, выкладалі Кант Выкоўскі  (прафесар усходніх моў і гісторыі), Юзаф Шаняўскі (тэалогія), Яўстафій Куроўскі (філасофія і этыка), Вінцэнт Клос (прыродазнаўчыя дысцыпліны), Юзаф Кентржынскі (логіка і метафізіка), Войцэх Камароўскі (паэзія і красамоўства).  У розныя часы з гэтай навучальнай установай былі звязаны лёсы такіх знакамітых людзей, як Мацей Догель, Ігнат Дамейка, Казімір Нарбут, Станіслаў Баніфацый Юндзіл і інш. Калегіум меў сваю бібліятэку.

    У касцельнай энцыклапедыі ёсць запісы аб сумах, што выдаткоўваліся  на ўтрыманне шчучынскіх піяраў. Там значыцца, што падчас дзейнасці КНА (Камісіі Народнай Адукацыі Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага) школа атрымлівала ад гэтай установы 6.000 злотых: 3.000 – на ўтрыманне настаўнікаў і 3.000 – на папаўненне фондаў бібліятэкі.Можна ўявіць, наколькі важную ролю адводзілі ў калегіуме бібліятэцы. Першыя ўспаміны аб кляштарнай бібліятэцы адносяцца да 28 мая 1782 года.Цяжка сказаць, колькі ў ёй першапачаткова налічвалася кніг, толькі вядома, што бібліятэка была невялікай, але адборнай, з падараваных рэктарам Ярманьскім такіх кніг, якіх многія бібліятэкі не мелі. Аб колькасці кніг у бібліятэцы існуюць розныя сведчанні.

“У 1800 годзе колькасць кніг, неабходных для навучання, была дастатковай. Праз тры гады (1803) у бібліятэцы налічвалася 1.000 кніг. У іншых дакументах сцвярджаецца, што іх было каля 1.500 экзэмпляраў. У 1806 годзе іх колькасць павялічылася яшчэ на 100. Максімальная колькасць кніг была ў 1818 годзе – 2.000 экзэмпляраў. Шчучынская бібліятэка піяраў была небагатай у параўнанні з бібліятэкамі такога ж закона ў Любяшове, якая налічвала 3.000 экзэмпляраў кніг, або ў Менджыжэчу-Карэцкім, якая мела 4.000 кніг” (В.А.Дзежыц, У.М.Мірчук “Адукацыя на Шчучыншчыне ў ХVIII – ХХ стагоддзях”, Гродна 2006, с.20 – 21). Цікавыя сведчанні на гэту тэму , услед за І.П.Крэнем, прыводзіць у сваёй манаграфіі “Мятэчкі Беларусі ў канцы  ХVIII – першай палове ХІХ стагоддзя” Іна Соркіна, якая ў сваёй працы абапіралася на архіўныя дакументальныя крыніцы Беларусі, Літвы,Польшчы, Расіі, Іерусаліма. Яна сцвярджае, што кніжны фонд бібліятэкі піяраў у пачатку ХІХ стагоддзя налічваў 2.751 кнігу.  Кнігі былі пераважна прыродазнаўчыя, медыцынскія, матэматычныя. Былі тут творы Гамера, Гарацыя, Плутарха, Ціта, Лівія, Вальтэра, Мантэск’е. Акрамя таго выкладчыкі і студэнты маглі карыстацца вялікай бібліятэкай Сцыпіёнаў, а потым Друцкіх-Любецкіх

Акрамя кніг кляштарная бібліятэка мела прылады па фізіцы і матэматыцы. У 1802 годзе пры перапісу прыладаў адзначаны геаметрычны столік, дыоптрыі, вымяральны шнур, магнітная іголка. У наступныя гады колькасць прыстасаванняў павялічылася дзякуючы дапамозе Віленскага універсітэта.У 1808 годзе Шчучынская школа ўжо мела электрафордную машыну, гальванічны слупок, дзве Лейдэнаўскія ванны, два глобусы, цыркуль і інш. Пры наведванні Шчучынскай школы 18 ліпеня 1817 года інспектарам адзначана, што, “не гледзечы на сціплае мясцовае фундатарства, бібліятэка, кабінет фізічны, лабараторыя хімічная па Гродзеншчыне тут паміж іншымі (кляштарнымі) у цэлай губерніі ёсць першая”.(В.А.Дзежыц, У.М.Мірчук “Адукацыя на Шчучыншчыне ў XVIII–XX стагоддзях”).Пасля паўстання 1830-1831гг. школа, як і іншыя навучальныя ўстановы піяраў, была зачынена ў 1832 годзе. У 1833 г. у сувязі з гэтым  было адкрыта свецкае вучылішча, у якім выкладанне павінна было весціся на рускай мове. Вучылішча мела сваю бібліятэку, дзе было многа навуковых і мастацкіх кніг рускіх аўтараў. Хутчэй за ўсё, частка знакамітай бібліятэкі піяраў і стала маёмасцю вучылішча.“У другой трэці ХІХ ст. базыльянскія багатыя кнігазборы разам з кніжнымі фондамі скасаваных каталіцкіх ордэнаў былі мэтанакіравана распатрошаныя, рассеяныя, знішчаныя. Яны сталі асновай бібліятэк шэрагу навучальных устаноў этнічнай Беларусі, а таксама прыватных і дзяржаўных збораў Расіі.” (І.Соркіна) Існуюць архіўныя дакументы, якія сведчаць аб тым, што па распараджэнні ўлад частка кніг былога калегіума піяраў павінна была быць перададзена Гродзенскай гімназіі і Навагрудскаму вучылішчу, частка была пакінута ў Шчучыне. (Крэнь, Дзежыц).Аб гэтым  сведчыць і  дакумент “Адносіна папячыцеля Беларускай вучэбнай акругі Гродзенскаму губернатару аб адкрыцці прыхадскога вучылішча ў мястэчку Шчучын Лідскага павета” ад 20.10.1833 г. У ім папячыцель просіць: “2) сдать библиотеку бывшего Щучинского пиарского училища и физический кабинет, о коих Ваше Превосходительство писали ко мне в прошлом году по описи в ведение Директора. Я поручал ему войти вместе с Инспектором и Старшим учителем математики в рассмотрение о том, что нужно оставить в Щучине, а что назначить для Гродненской гимназии и для Новогрудского училища, поставив ему на вид, что сие последнее надлежит стараться также снабдить по возможности достаточнее, во уважение значительного пожертвования, сделанного тамошним дворянством для училища

Если Ваше Превосходительство имеете какую особую мысль на счёт помянутой библиотеки и физического кабинета, то покорнейше прошу объявить о том советнику Созановичу в его руководство или мне сообщить”. (Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна, ф.1, воп. 27, спр.441,л.1,2) Далейшы лёс знакамітай бібліятэкі невядомы. Пры калегіуме піяраў 26 ліпеня 1773 года была адкрыта адна з першых аптэка на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Згодна з інвентарным апісаннем, аптэка з’яўлялася адной з буйнейшых для свайго часу. Памяшканні аптэкі ўражвалі раскошай: на сценах віселі 14 карцін, 6 з якіх былі напісаны алеем, 6 – на шкле, 2 літаграфіі на паперы. Асартымент лекаў уключаў 821 назву. Аптэка была добра аснашчана мэбляй і спецыяльным абсталяваннем. Толькі шклянога посуду рознага прызначэння мелася 8913 адзінак. Аптэка мела сваю бібліятэку. У 1832 годзе аптэчная бібліятэка дазваляла карыстацца 71 кнігай: 5 слоўнікамі і 66 манаграфіямі на розных мовах. З  іх 32 манаграфіі былі на польскай мове, 26 – на лацінскай, 7 – на нямецкай, 1 – на рускай. 58 кніг  былі медыцынскія і фармацэўтычныя, у тым ліку і фармакапеі Расіі і Польшчы, навуковыя працы С.Б.Юндзіла і К.Клюка. Кнігамі маглі карыстацца наведвальнікі.

Поўнай статыстыкі прыватных бібліятэк у Беларусі не існуе. Таму даныя аб іх вельмі фрагментарныя. Культурныя каштоўнасці захоўваліся практычна ў кожнага больш-менш значнага абшарніка. Музейныя калекцыі, сямейныя архівы, карцінныя галерэі і бібліятэкі мелі каля 400 маёнткаў (у межах сучаснай Беларусі). З іх каля 54 знаходзіліся ў мястэчках, у тым ліку і ў Шчучыне. Адзначым, што ў эпоху Асветніцтва прыватныя магнацкія бібліятэкі выконвалі функцыю публічных бібліятэк. Уласнікі кнігазбораў лічылі сваім абавязкам дазваляць імі карыстацца ўсім ахвотным, дапамагаць у пошуку крыніц, збіранні матэрыялаў для даследчыцкіх прац. У Шчучыне, ў асобным мураваным будынку сярод парку, захоўваліся багатая бібліятэка і архіў. Друцкіх-Любецкіх, прывезены з радавых маёнткаў з Піншчыны. Частку дакументаў на пачатку ХХ стагоддзя перадалі ў Кракаў, у музей Чартарыйскіх. А тое, што разам з кнігазборам захоўвалася на месцы, было знішчана ў Першую сусветную вайну.

Звесткі аб бібліятэцы ў Шчучыне знаходзім у першых дакументах часоў усталявання на Шчучыншчыне савецкай улады.   Гартаючы кнігу “Памяць”, чытач натыкаецца на цікавы факт.“Зводка аб дзейнасці валасных рэўкомаў Лідскага павета з 20 жніўня па 1 верасня 1920 г.” ад 5 верасня 1920 года, падпісаная загадчыкам аддзелам кіравання Міхайлавым і загадчыкам інфармацыйным пададдзелам К.Шалепавым, сведчыць: “Адкрыта хата-чытальня і адна бібліятэка”. Перад імі ставілася задача садзейнічаць палітычнаму выхаванню і адукацыі, ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослага насельніцтва. Бібліятэкі вядуць актыўную работу па прапагандзе кнігі, сельскагаспадарчых і палітычных ведаў. Вялікую папулярнасць набываюць народныя чытанні, гутаркі, абмеркаванні. У абавязкі супрацоўнікаў бібліятэк уводзіцца складанне каталогаў, спісаў літаратуры па сельскай гаспадарцы, народнай адукацыі і мастацтве, якія рассылаюцца ў рэўкамы для азнаямлення з імі працоўных мас. Павялічыўся прыток чытачоў, наведвальнікамі бібліятэк сталі салдаты Чырвонай Арміі, рабочыя, сельскія жыхары. (Культура Гродзеншчыны, с.16)  Значыць, як мінімум, бібліятэка праіснавала на працягу ліпеня-верасня 1920 года. Цікава, што было з ёю далей ?  О.А.Лукін сцвярджае, што на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1928 годзе існавала 130 бібліятэк-чыталень.Іх рабоце садзейнічалі Гродзенскае і Баранавіцкае таварыствы. Матульскі Р.С. у сваёй працы “Кнігадрукаванне і бібліятэчная справа ў заходніх рэгіёнах Беларусі ў 1921 – 1939 гг.” сцвярджае, што існуюць сведчанні аб тым, што ў гэты перыяд у Шчучынскім павеце было зарэгістравана 24 бібліятэкі. Што гэта былі за бібліятэкі? На жаль, можам толькі выказваць здагадкі. Вялікія кніжныя фонды мелі яўрэйскія абшчыны. А Шчучын доўгі час (да Вялікай Айчыннай вайны) лічыўся яўрэйскім мястэчкам, і яго абшчына была моцным грамадскім аб’яднаннем  Больш таго, у Шчучыне дзейнічала культурна-асветніцкае яўрэйскае таварыства “Тарбут”, аб якім вядома, што да канца 1930-х гадоў ва ўсходніх рэгіёнах Польшчы дзейнічала 60 бібліятэк гэтага таварыства з фондам 69,8 тыс. кніг. Працавала настаўніцкая семінарыя, якая ў 1932 годзе пачала рэарганізоўвацца ў гімназію і педагагічны ліцэй, агульнаадукацыйная школа, школа з выкладаннем на іўрыце. Свае бібліятэкі, мабыць, мелі культавыя ўстановы: яўрэйскія малітоўныя дамы, цэрквы, касцёлы. Асабістыя бібліятэкі. Больш дакладныя звесткі аб бібліятэках Шчучына адносяцца да пасляваеннага часу. Статыстычная справаздача  і тлумачальная запіска бібліятэк  Шчучынскага раёна за 1976 год сведчыць, што гарадскога чытача абслугоўвалі  па адзінаму плану бібліятэчнага абслугоўвання раённая, гарадская, дзіцячая, 2 школьныя, бібліятэка ГДА, парткабінета, доследнай станцыі, РПС, завода “Аўтапровад” з кніжным фондам каля 162 000 экз. Для паляпшэння арганізацыі абслугоўвання насельніцтва горада на прадпрыемствах і ўстановах горада працавалі 17 перасоўных бібліятэк. Перасоўкі працавалі ў быткамбінаце, на масласырзаводзе,  РАУС і інш.

23 сакавіка 1951 годаадкрылася Шчучынская дзіцячая бібліятэка, арганізатарам якой і бяззменнай загадчыцай доўгія гады была Далецкая Л.С. Аб выдатнай працы гэтай установы культуры сведчаць факты: 08.03.1961г.  Шчучынская дзіцячая бібліятэка была ўзнагароджана Дыпломам “Лепшая бібліятэка Гродзенскай вобласці”; 24.06.1965г. – Дыпломам Гродзенскага абласнога упраўлення культуры “Библиотека отличной работы”; у 2013г. – Дыпломам Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама “Пераможца абласнога конкурсу “На лепшы электронны інфармацыйны рэсурс, створаны пубічнымі бібліятэкамі Гродзенскай вобласці ў намінацыі “Лепшае электроннае выданне, створанае публічнымі бібліятэкамі”. Узначальвае Шчучынскую РДБ Шулейка Г.С. На канец 2014г. кніжны фонд бібліятэкі налічваў 32 532 адз . Колькасць чытачоў складала 2 800 чалавек, наведванняў – 24 150 адз. Шчучынская гарадская бібліятэка была адкрыта для наведвальнікаў 1 кастрычніка 1973 года. Яе першай загадчыцай была Ганчарова Л.І. У бібліятэцы працавалі абанемент і чытальная зала. Кніжны фонд бібліятэкі павялічыўся з 5 589 экз. у 1974г. да 30 871 экз. у 2012г. Бібліятэка абслугоўвала каля двух тысяч карыстальнікаў. Распараджэннем Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта ад 29.04.2013г.  Шчучынская гарадская бібліятэка была зачынена 1 ліпеня 2013 года.  5 верасня 2015 года адбылося адкрыццё Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі пасля капітальнага рамонту. з 1 кастрычніка 2015 года бібліятэчная сістэма набыла статус юрыдычнай асобы. На канец 2017 года ў Шчучынскім раёне функцыянуе 17 бібліятэчных

устаноў.


З гісторыі Шчучынскай ЦРБ

Ёсць падставы лічыць, што гісторыю свайго існавання Шчучынская раённая бібліятэка пачынае ў перадваенныя гады. Кніга “Памяць” сцвярджае: “Усяго ў 1941 г. ў раёне працавала 56 школ… З усталяваннем у Шчучыне савецкай улады навучанне вялося ў асноўным на беларускай мове. Былі адчынены раённы Дом культуры, раённая і некалькі сельскіх бібліятэк, больш 10 хат-чытальняў.” (с.162) Такім чынам, можам выказаць здагадку, што адлік сваёй гісторыі Шчучынская раённая бібліятэка пачынае яшчэ перад Вялікай Айчыннай вайной. “Дзейнасць публічных бібліятэк накіравана на аказанне дапамогі партыйным і савецкім органам у рашэнні гаспадарча-палітычных задач, правядзенне сістэматычнай антырэлігійнай прапаганды, тлумачэнне сутнасці і задач калектывізацыі сельскай гаспадаркі”. (Культура Гродзеншчыны, с.17). У час Вялікай Айчыннай вайны раённая бібліятэка была спалена фашыстамі. Аб гэтым сведчыць кніга “Памяць” і, як доказ, прыводзіць урывак з  дакумента “З актаў уліку ўрону, які быў прычынены нямецка-фашысцкімі захопнікамі ўстановам адукацыі Шчучынскага раёна”: “…Шчучынская раённая бібліятэка, г. Шчучын, акт 28.02.1945 – 179 000руб. …” (за подпісам старшыні абласной камісіі па ўліку ўрону П.Калініна і адказнага сакратара камісіі Л.Вульфіна).

Наступная згадка аб бібліятэцы адносіцца да года Перамогі.  “У 1945г. пачалі працаваць Шчучынскі фанерны завод, электрастанцыя, гарадская лазня. Паступова наладжваўся гандаль, адчыніліся бальніца, школа, бібліятэка, дзіцячы дом.” (Памяць, с 382)   “Вялікую ўвагу ў савецкі час надавалі культурна-асветніцкай рабоце з дарослымі. Раённая бібліятэка пачала работу летам 1945 года, тады кніжны фонд налічваў каля 1,5 тыс. тамоў, а колькасць пастаянных чытачоў склала 320 (пераважна настаўнікі і вучні). Першай загадчыцай бібліятэкі была Зоя Родзік.(лета 1945г). У 1958 г. раённая бібліятэка мела асобную чытальную залу і больш за 14 500 кніг”. Бібліятэка размяшчалася  ў доўгім аднапавярховым будынку (на здымку – у цэнтры), падобным на барак, ўздоўж вуліцы 17 Верасня, дзе (па некаторых звестках) раней была агульнаадукацыйная польская школа. У 1969 годзе на гэтым месцы адкрыўся ў новым будынку раённы вузел сувязі. А бібліятэка была размешчана ў двухпавярховым будынку каля тарговага цэнтра (раённая бібліятэка была на другім паверсе, а дзіцячая – на першым).

У 1949г. быў праведзены капітальны рамонт раённай бібліятэкі. Кніжны фонд бібліятэкі складаўся з  3 150 кніг і 800 брашур. У 1953 – 1954 гг. загадчыцай бібліятэкі была Далецкая Л.С. Яна змяніла на гэтай пасадзе Новік Аляксандру Васільеўну. У 50-х гадах ставіцца пытанне аб усеагульным кіраванні чытаннем сялян, рабочых і служачых.З мэтай шырокай прапаганды кніг і кіравання чытаннем бібліятэкі сталі рэгулярна праводзіць чытацкія канферэнцыі. Пры бібліятэках арганізуюцца групы чытачоў, якія арганізуюць чытанне новых кніг услых у брыгадах, на жывёлагадоўчых фермах. З 1957г.па 1961г. кіравала раённай бібліятэкай Альшэўская Зінаіда Феафілаўна. Раённая газета “Чырвоны сцяг” ад 12 сакавіка 1958 года сведчыць: “За добрую работу нашай раённай бібліятэцы па ўмовах агляду 1957 года прысвоена званне лепшай бібліятэкі рэспублікі з уручэннем дыплома.” Артыкул называўся “Перадавая бібліятэка”. (гл. у дадатку). У пачатку 60-х былі прыняты Пастанова ЦК КПСС “О состоянии и мерах улучшения библиотечного дела в стране”  і Пастанова ЦК КПБ “О состоянии и мерах улучшения библиотечного дела в республике”. На падставе іх мясцовыя органы прымаюць рашэнні: “Патрабаваць ад кожнай бібліятэкі, замацаванай за вуліцамі і дамамі,  ахапіць усё граматнае насельніцтва кнігай шляхам прыцягнення грамадскасці, арганізацыі перасовак…, адкрыцця пунктаў выдачы, кніганошаства і г.д.”     У рабоце бібліятэкарам дапамагалі грамадскія намеснікі і чытальнікі. Часцей за ўсё іх ролю выконвалі найбольш актыўныя чытачы з школьнікаў. Яны хадзілі па дамах, насілі кнігі, спаганялі запазычанасць, чыталі ўслых.

    У 1967 годзе кніжны фонд бібліятэкі складаўся з 30 839 адз. Кнігавыдача склала 22 208 адз. На канец года колькасць чытачоў дасягнула 1914 чалавек. Колькасць наведванняў – 6157. Камплектаванне бібліятэчных фондаў адбывалася праз кніжныя магазіны. Потым быў утвораны абласны бібкалектар. З 9 ліпеня 1976 года Шчучынскай раённай бібліятэцы пастановай Савета Міністраў Беларускай ССР за №204 прысвоена імя слаўнай зямлячкі Цёткі (Алаізы Сцяпанаўны Пашкевіч). Загадчыцай  Шчучынскай раённай бібліятэкі з 1962г.  па 1986г. працавала Н.Е.Аніська, а раённая бібліятэка не толькі вяла работу з чытачамі, але і займалася навучальнай і метадычнай работай сярод 77 бібліятэк раёна. Акрамя таго, яна выконвала і кантралюючую функцыю.  Аднак афіцыйная цэнтралізацыя адбылася ў 1978 годзе (1 чэрвеня). З гэтага года пачынае сваё існаванне Шчучынская ЦБС, а загадчыца раённай бібліятэкі АніськаН.Е.становіцца дырэктарам Шчучынскай ЦБС. За дасягнутыя поспехі Шчучынскай ЦРБ імя Цёткі ў 1965 годзе было прысвоена званне “Бібліятэка выдатнай работы”. З 1986г. па 1996г. загадчыцай раённай бібліятэкі была Антановіч Марыя Андрэеўна. З 1996г. па 2011г. на гэтай пасадзе працавала Раманава Ніна Уладзіміраўна (на здымку другая злева). У 2000г. у склад Шчучынскай РЦБС уваходзіла 52 бібліятэкі і 4 бібліятэкі-клубы, 5 клубаў-бібліятэк. Кніжны фонд  сістэмы налічваў 692 917 адзінак, абслугоўвалася 36 730 чытачоў. Галоўныя напрамкі дзейнасці бібліятэк: адраджэнне нацыянальнай культуры, краязнаўства, збор мясцовага фальклору; духоўнае узбагачэнне жыхароў раёна, ахова яго гістарычна-культурнай спадчыны, выкананне Закона аб мовах у Рэспубліцы Беларусь.

   З 2011 года Шчучынскую раённую бібліятэку ўзначальвае Янкоўская Аляксандра Мікалаеўна. У трэцім квартале 2013 года ў будынку бібліятэкі пачаўся капітальны рамонт, і Шчучынская раённая бібліятэка часова пераехала ў будынак РДК. Сёння Шчучынская цэнтральная  раённая бібліятэка імя Цеткі з’яўляецца буйным кнігасховішчам, вядучым інфармацыйным, адукацыйным і сацыяльна-культурным цэнтрам, лідарам бібліятэчнай палітыкі ў раёне. Штогод да паслуг бібліятэкі звяртаецца каля 4,5 тыс. чытачоў: творчая інтэлігенцыя, спецыялісты народнай гаспадаркі, рабочыя, студэнты ВНУ, вучні старэйшых класаў, навучэнцы тэхнікумаў і ліцэяў, пенсіянеры і інш. Колькасць наведванняў на канец 2014 года склала 49 827. Раённая бібліятэка з’ўляецца каардынуючым і метадычным цэнтрам для бібліятэк сістэмы. У структуру яе ўваходзяць аддзел камплектавання, апрацоўкі і арганізацыі адзінага кніжнага фонду, аддзел абслугоўвання і інфармацыі, аддзел бібліятэчнага маркетынгу, аддзел кнігасховішча,  публічны цэнтр прававой інфармацыі.

Даведачна — бібліяграфічны апарат  бібліятэкі ўключае ў сябе фонд даведачных выданняў, алфавітны каталог, сістэматычны каталог, сістэматычную картатэку артыкулаў, краязнаўчую картатэку. Пры аддзеле абслугоўвання Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Цёткі з 2002 года працуе публічны цэнтр прававой інфармацыі, у якім размешчаны фонд юрыдычнай літаратуры, папкі з інфармацыяй аб рабоце ўстаноў і арганізацый г.Шчучына і раёна. Цэнтр аснашчаны эталонным банкам даных прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, які штодзённа абнаўляецца.  Жыхары горада і раёна маюць магчымасць атрымаць тэксты прававых актаў у дзеючай рэдакцыі.

За інфармацыяй па прававых пытаннях звяртаюцца самыя розныя групы наведвальнікаў.  У асноўным гэта студэнты,  пенсіянеры, прадстаўнікі фінансава-эканамічнай сферы. Запыты студэнтаў накіраваны на задавальненне інфармацыйных патрэб, што ўзніклі ў працэсе вучобы, пенсіянераў у большасці цікавіць заканадаўства ў сацыяльнай сферы. Кожны апошні аўторак месяца ў прававым цэнтры працуе адвакат, які выконвае бясплатныя юрыдычныя кансультацыі для сацыяльна неабароненых груп насельніцтва. У 2007 годзе створаны мультымедыйны цэнтр – комплекс, які ўключае традыцыйныя бібліятэчныя паслугі, аўтаматызаваныя рабочыя месцы з выхадам у Інтэрнэт, спецыялізаваныя рабочыя месцы для карыстальнікаў з аслабленым зрокам. Да паслуг карыстальнікаў бібліятэкі – 17 персанальных камп’ютэраў, ёсць электронная пошта. Аб’ём уласных баз даных складае 43 349 запісаў. На канец 2014 года ў фондзе бібліятэкі налічвалася 106 663 адзінак дакументаў: 97 167 кніг, брашур ( з іх на беларускай мове 29 525), 8 653 часопісаў, 330 газет. Кожны год у фонд бібліятэкі паступае больш за дзве тысячы адзінак дакументаў. Асноўнымі крыніцамі камплектавання фонду бібліятэкі з’яўляюцца выдавецтвы: “Мастацкая літаратура”, “Беларусь”,“Звязда”,“Харвест”, “Беларускі Экзархат” і г.д. Выкарыстоўваюцца унутраныя рэзервы: падарункі, замена, закупка з кніжных магазінаў. Новыя паступленні літаратуры адлюстроўваюцца на сайце бібліятэкі.

Сваю дзейнасць калектыў бібліятэкі каардынуе з грамадскімі і дзяржаўнымі арганізацыямі, установамі і творчымі саюзамі. За год праводзіцца каля 90 мерапрыемстваў, сярод іх – краязнаўчыя чытанні, выставы вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва народных майстроў і ўмельцаў Шчучыншчыны, інфармацыйныя тыдні, дні інфармацыі, літаратурныя вечарыны, прэзентацыі кніг і творчыя сустрэчы з удзелам паэтаў і пісьменнікаў Гродзеншчыны.Праводзяцца мерапрыемствы, накіраваныя супраць п’янства і алкагалізму, наркаманіі, курэння, брыдкаслоўя, а таксама дабрачынныя акцыі для дзяцей-сірот і дзяцей-інвалідаў. У 2010 годзе Шчучынская цэнтральная раённая бібліятэка ўзнагароджана Упраўленнем культуры Гродзенскага аблвыканкама Дыпломам І ступені  “За перамогу ў абласным конкурсе электронных прэзентацый “У нашых сэрцах – памяць” у намінацыі “Ваенныя дзеянні на тэрыторыі рэгіёну”.У 2013 годзе Шчучынская ЦБС узнагароджана Дыпломам ІІ ступені  за ўдзел у абласным конкурсе “Установа культуры года”. Шчучынская ЦРБ ажыццяўляе метадычнае забеспячэнне дзейнасці 23 публічных бібліятэк раёна, а таксама бібліятэк іншых сістэм і ведамстваў: аказвае метадычную і практычную дапамогу, абагульняе і ўкараняе перадавы вопыт работы бібліятэк, арганізуе і праводзіць мерапрыемствы, накіраваныя на павышэнне кваліфікацыі бібліятэчных работнікаў. Раённая бібліятэка – ініцыятар правядзення раённых конкурсаў:“Лепшая бібліятэка года” і электронных рэсурсаў і творчых работ “Памяць застаецца ў нашых сэрцах” – акцыі “Прочти книгу о войне – стань ближе к подвигу”. Дзейнасць бібліятэкі ажыццяўляецца ў рамках унутрысістэмных мэтавых бібліятэчных праграм: “Здаровае пакаленне краіны”, “З кнігай – у  будучыню”, “Нашым людзям – наш клопат”.

2015 год вылучаецца ганаровым адкрыццём будынка бібліятэкі па вул.  Леніна пасля капітальнага рамонту ў  знак  святкавання Дня беларускага  пісьменства  ў  Шчучыне. У  цырымоніі   адкрыцця  міністр   інфармацыі Беларусі   Лілія Ананіч  падкрэсліла, што без бібліятэкі – храма ведаў – нельга будаваць будучыню. Знакавым стаў у гэты дзень падарунак ад Саюза пісьменнікаў Беларусі: кнігі, што з’яўляюцца  падручнікам  для чалавека любой прафесіі і ўзросту. А рэдактар  газеты “Камсамольская праўда” ў Беларусі” Г. В. Малішэўская перадала ад выдавецтва 50 тамоў з калекцыі “Музеі свету”.

На будынак  устаноўлена бронзавая мемарыяльна дошка, прысвечаная Элаізе Пашкевіч (Цётцы). Цікавай і пазнавальнай  стала і выстава, прысвечаная пісьменніцы. Прыцягваюць увагу наведвальнікаў і чытачоў таксама  экспазіцыі, прысвечаныя рэдкай кнізе, кнігам знакамітых людзей, выданням з аўтографамі іх аўтараў. Шчучынская раённая бібліятэка стала пераможцай ў абласным конкурсе «Библиотека года» ў намінацыі «Районная (городская) библиотека 2017 года».  Конкурс  дазволіў выявіць ўзровень інфармацыйна-бібліятэчнага абслугоўвання насельніцтва, абагульнення і распаўсюджання станоўчага  вопыту работы  сярод публічных бібліятэк Гродзенскай вобласці.

На 2018г. ДУК  “Шчучынская раённая бібліятэка імя Цёткі” ўключае 17 бібліятэчных устаноў. Кніжны фонд бібліятэк  складае 342,9 тыс. экзэмляраў. Колькасць чытачоў налічвае 17110 чалавек, а кнігавыдача – 200000 экзэмпляраў, колькасць наведванняў спынілася на лічбе 128315. Абслугоўванне  насельніцтва аддаленых населеных пунктаў  вядзецца бібліёбусам ДУК “Шчучынская раённая бібліятэка імя Цёткі” па 12 маршрутах. Значная  ўвага ўдзяляецца і арганізацыі масавай  работы з чытачамі. Праводзяцца сустрэчы з цікавымі землякамі, розныя  тэматычныя мерапрыемствы. Пры бібліятэцы працуе гасцёўня “Ад усёй душы”, арганізаваная 01.12.1998г. для арганізацыі вольнага часу пажылых людзей. Гасцёўня мае літаратурна-музычны накірунак дзейнасці.

Для абслугоўвання чытачоў аддаленых вёск пры бібліятэцы з лютага 2014 года стала працаваць бібліятэка на колах – бібліёбус, які абслугоўваў 55 аддаленых і маланаселеных вёсак раёна, у якіх пражывала каля 2600 чалавек. Абслугоўванне насельніцтва ажыццяўлялася згодна з графікам па 12 маршрутах. Штогод у бібліятэцы выдаецца серыя творчых прац: штоквартальны інфармацыйны бюлетэнь“Жыццё бібліятэк Шчучыншчыны: панарама падзей”, бібліяграфічныя паказальнікі “Вёскі Шчучыншчыны ў друку”, “Што чытаць аб Шчучыншчыне за … год”, рэкамендацыйныя спісы, буклеты, закладкі, календары і інш.

 

Выкарыстаная літаратура

  1. Гродненская область в документах и материалах (1944 – 1995) – ГОУПП «Слонимская типография», 2004
  2. Библиотечное дело в БССР: Документы и материалы 1941-1958/ГБЛ. – Мн.: Вышэйшая школа, 1984. – 287с.
  3. Данскіх С.У. Наш Шчучын – Гродна, 2001.
  4. Данскіх С.У. Стагоддзі і падзеі Шчучынскай зямлі – Баранавічы, 2007.
  5. Дзежыц В.А., Мірчук У.М. “Адукацыя на Шчучыншчыне ў ХVІІІ – ХХст. – Гродна, 2006
  6. Крэнь І.П., Мараш Я.Н. Шчучын: гісторыка-эканамічны нарыс. – Мн.: Полымя, 1989. – 119 с.
  7. Крэнь І.П., Мараш Я.Н. Шчучыншчына: мінулае і сучаснасць: Матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі – Гродна – Шчучын , 1995 – 1997
  8. Культура Гродзеншчыны: Факты. Падзеі. Асобы/ уклад. Л.В.Мальцава. – Мінск: Выдавецкі дом “Звязда”, 2014. – 248с.
  9. Лукін О.А. Зараджэнне і станаўленне бібліятэк на тэрыторыі Беларусі
  10. Матульскі Р.С. Кнігадрукаванне і бібліятэчная справа ў заходніх рэгіёнах Беларусі ў 1921 – 1939гг.
  11. Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Шчучынскага раёна/ Рэд. кал.: Г.П.Пашкоў (гал. рэд.) і інш. – Мн.: БелЭн/ 2001. – 592с.
  12. Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ – першай палове ХІХ ст. – Вільня: ЕГУ, 2010

ПОСТАНОВЛЕНИЕ СОВЕТА МИНИСТРОВ БЕЛОРУССКОЙ ССР

9 июля 1976 г. № 204

Об увековечении памяти белорусскойпоэтессы-революционерки Цётки (Алоизы Степановны Пашкевич)

В целях увековечения памяти выдающейся белорусской поэтессы-революционерки Цётки (Алоизы Степановны Пашкевич) Совет Министров Белорусской ССР ПОСТАНОВЛЯЕТ:

1. Присвоить имя Цётки библиотеке № 15 г. Минска и Щучинской районной библиотеке Гродненской области и впредь именовать их библиотека № 15 имени Цётки, Щучинская районная библиотека имени Цётки

2. Минскому горисполкому совместно с Союзом писателей БССР установить мемориальную доску на доме № 1 по улице А.Пашкевич в г. Минске.

Заместитель Председателя Совета Министров Белорусской ССР

В.Мицкевич

Заместитель Управляющего Делами Совета Министров Белорусской ССР

В.Лазаретов