У Шчучынскай раённай бібліятэцы імя Цёткі 21 чэрвеня сабраліся ўдзельнікі літаратурна-музычнай гасцёўні “Ад усёй душы” на мерапрыемства “Васіль Быкаў: шлях, вызначаны лёсам”, прысвечанае 100-годдзю з дня нараджэння пісьменніка.
Як ні ўзгадаць словы Чынгіза Айтматава, які сцвярджаў, што лёс збярог нам Васіля Быкава, каб ён жыў і пісаў ад імя цэлага пакалення, ад імя тых, што юнакамі спазналі вайну і ўзмужнелі духам са зброяй у руках, для якіх дзень жыцця быў роўны веку жыцця. Васіль Быкаў сам мужнеў у штодзённых ваенных віхурах. Таму і героі яго твораў ніколі не адступаюцца ад праблемай адказнасці чалавека за ўласныя ўчынкі перад самім сабой і перад грамадствам ні ў дні паражэнняў, ні ў дні перамог.
Сімвалічна, што і “Жураўліны крык”, і “Аблава”, і “Абеліск”, і “Альпійская балада” – творы, якія ведаюць многія. А па апавяданню “Сваякі” створаны першы графічны раман у гісторыі беларускай літаратуры. Ілюстрацыі маладога мастака Яна Жвірблі вельмі ўражваюць сваім драматызмам. Цікава было даведацца і пра яго апошнія творы.