21 лютага ў Васілішкаўскай сельскай бібліятэцы прайшоў урок беларусазнаўства ”Які гэта цуд — мова мая родная”, прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы. Удзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з гісторыяй нараджэння беларускай мовы, з людзьмі, якія стаялі ў вытокаў беларускага пісьменства: першаасветніцай Еўфрасінняй Полацкай і першадрукаром Францыскам Скарынам. Падчас мерапрыемства дзеці чыталі вершы пра любоў да беларускай мовы паэтаў: Змітрука Бядулі, Ніла Гілевіча, Максіма Танка і адгадвалі беларускія загадкі. Мерапрыемства выклікала ў дзяцей жаданне крыху па іншаму, больш адказна, ставіцца да вывучэння роднай мовы. Да ўвагі чытачоў была прадстаўлена кніжная выстава “Духоўная спадчына беларусаў”, на якой змяшчаліся кнігі па гісторыі беларускай мовы, а значную частку займалі кнігі беларускіх аўтараў — як класікаў, так і сучаснікаў.